МІ́НСКІ ГАРАДСКІ́ ТЭА́ТР.

Пабудаваны ў 1890 у Мінску паводле праекта арх. К.​Казлоўскага, інж. К.​Увядзенскага і В.​Мандражы; інтэр’еры — арх. В.​Мааса, тэхнал. аснашчэнне сцэны — С.​Цыранкевіча. У архітэктуры будынка — стылізацыя ў стылі барока. Гал. фасад меў цэнтр.-восевую кампазіцыю, быў аформлены рустам, пілястрамі, карнізамі, люкарнамі, сандрыкамі над аконнымі праёмамі, завяршаўся высокім фігурным атыкам з радам нішаў, што стваралі рытм аркатурнага фрыза.

Дэкор бакавых фасадаў больш сціплы. Цэнтр. ч. вылучана 2-павярховым рызалітам, які завяршаўся лучковым франтонам; да рызаліту прылягалі 1-павярховыя крылы — касавыя вестыбюлі. Глядзельная зала падковападобная ў плане, 3-ярусная, месцы размяшчаліся амфітэатрам, мела партэр, ложы, бельэтаж і балкон. Плафон глядзельнай залы ўпрыгожаны размалёўкамі (арх. Маас) з партрэтамі А.​Пушкіна, М.​Гогаля, А.​Астроўскага, М.​Глінкі. Размалёўкі інтэр’ераў выконвалі маст. Ю.​Рэйнберг, Р.​Веніг, В.​Біцілеў, С.​Лебядзінскі, К.​Ульрых. На партале сцэны — ляпны герб Мінскай губ. У 1949 рэканструкцыя інтэр’ераў выканана паводле праекта арх. Г.​Заборскага. У 1956—58 будынак т-ра рэканструяваны (арх. А.​Духан). На гал. фасадзе надбудаваны бакавыя крылы да 2-га паверха, перапланаваны шэраг дапаможных памяшканняў. З 1920 у будынку М.г.т. працуе Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

В.​М.​Чарнатаў.

Мінскі гарадскі тэатр.

т. 10, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)